«Хто прыходзіць з Та-Сеці»: багі Нубіі

Дзядун

Вобраз Дзедуна прысутнічае ў пантэоне як Нубіі, так і яе магутнага суседа. Дзядун – выдатны ўзор ідэалагічнага ўздзеяння Егіпта на падначаленыя тэрыторыі.

Найстаражытныя псведчанні пра бога выяўлены ў Тэкстах Пірамід Пэпі І, Мерэнра і Пэпі ІІ – фараонаў VI дынастыі, якія распаўсюдзілі ўплыў на паўночны рэгіён Куша. Адзіны прадстаўнік мясцовага пантэона ў найстаражытным корпусе сакральных тэкстаў Егіпта, Дзядун увасабляе духмяныя рэчывы, што прывозілі з поўдня. Пра першапачаткова нубійскім паходжанні боства сведчыць ўстойлівы эпітэт «хто прыходзіць з Та-Сеці», які суправаджае выявы Дзедуна на працягу 20 стагоддзяў яго гісторыі ў рэлігійнай сістэме Егіпта.

Іканаграфія Дзедуна не мае спецыфічных асаблівасцяў: бог адлюстроўваўся ў антрапаморфным абліччы без кароны, хоць вядомыя лакальныя прыклады аддалення ад канону. Напрыклад, у храме Нут (Гара-Барк, у старажытнасці – Непата, сталіца Куша) захавалася выява боства ў рагатай кароне баранагаловага Амона.

Імя Дзедуна суправаджаецца дэтэрмінатывам, птушак, відавую прыналежнасць якіх даследчыкі не могуць ідэнтыфікаваць канчаткова. Паводле гіпотэзы Е. Вінтэра, птушка паказвае на татэмнай першапродка – архаічны элемент кушыцкай культуры, які захаваўся ў кульце Дзедуна. Вобраз птушкі – папулярны выяўленчы матыў у мастацтве Нубіі. Гэтую версію могуць пацвярджаць этымалагічныя дадзеныя: распаўсюджаны старажытнасеміцкі корань dd мае значэнне «бацька, продак».

У новай якасці – як увасабленне ўлады егіпецкага фараона – Дзядун разам з культам Хнум насаджваецца ў памежных раёнах паўночнага Куша, ад І да IV парога ўключна, у эпоху кіравання Сенусерта ІІІ ў кантэксце палітыкі цэнтралізацыі раз’яднаных тэрыторый імперыі. У храме Карнака бог намаляваны ў кампаніі іншых бостваў, якія сімвалізуюць складнікі егіпецкай айкумены: Дзядун – Та-Сеці, Сопду – Азія, Собек – Лівія, Хор – Верхні і Ніжні Егіпет. У часы Новага царства культ Дзедуна атрымлівае наймагутную падтрымку ад адміністрацыі чарговага заваёўніка – Тутмаса ІІІ, спадчынніка Сенусерта ІІІ. Цяпер нубійскі бог у статусе творцы-дэміурга супастаўны з найвялікшымі прадстаўнікамі егіпецкага міфалагічнага пантэону.

У часы рымскага валадарства значэнне Дзедуна не прымяншаецца: ён паступова выцясняе Хора з класічнай трыяды Асірыс – Ісіда – Хор.

Апедэмак

Культ Апедемака з галавой льва ахапіў усю тэрыторыю Нубіі, атрымаўшы найбольш інтэнсіўны выраз у паўднёвых цэнтрах – «зямля Кенсет»: Мусаварат-эс-Суфра, Нага і Мероэ. Шматлікія малюнкі бога ў кароне, з рогам барана (уплыў іканаграфіі Амона) або крыламі, а таксама вобраз Апедэмака з лукам, баявымі сланамі ці скідваючы суперніка, паказвае на яго функцыю заступніка вайны і увасабленне жыццёвай сілы кіраўніка.

Выява льва пад тронам або стылізаваныя ўзоры на асабістых упрыгожваннях уладароў Куша і іншыя археалагічныя знаходкі не дазваляюць сумнявацца ў сувязі паміж культам льва і ідэяй асабістай моцы цара. У Егіпце вобраз льва быў непарыўна звязаны са святам Хеб-сед – рытуалам аднаўлення цялеснай сілы фараона. Тым не менш, гэтыя супадзенні не перашкаджаюць прызнаць абедзве версіі самастойнымі: яны цалкам маглі сфармавацца ў прадстаўнікоў агульных геаграфічных умоў пасля назіранняў за жывёльным светам.

Наймагутны росквіт культу Апедэмака, які ахапіў абшары Нубіі, адносіцца да перыяду найбольшай палітычнай і ваеннай магутнасці краіны, экспансіі Мераіцкай дзяржавы на поўнач, у напрамку Егіпта. У гэты час Апедэмак губляе функцыі бога-творцы, пазбаўляецца характарыстык бостваў з галавой льва Егіпта, набываючы якасці бога вады і ўрадлівасці (у першую чаргу, фертыльнасці кіраўніка, адказнага за забеспячэнне жыцця). У храме старажытнага горада Нага (сучасны Судан) Апедэмак нясе пучок травы, ён выяўлены разам з Ісідай, якая трымае посуд. Такім чынам, нубійскі бог пераймаў функцыі егіпецкага Асірыса. У тым жа храме захаваўся малюнак Апедэмака ў выглядзе змяі з чалавечымі рукамі і галавой льва, што “вырастае” з лотаса, а таксама вобраз бога з трыма галовамі і мноствам рук. Доўгі час даследчыкі лічылі гэта вынікам уплыву індыйскай культуры, але нават гэтыя нечаканыя выяўленчыя варыяцыі – не больш, чым прадукт нубійскага фальклору.

Себуімекер

Адзінай крыніцай інфармацыі пра Себуімекера з’яўляецца згаданы вышэй храм Мусаварат-эс-Суфра на поўдні Нубіі, прысвечаны богу вайны і ўрадлівасці Апедэмаку. На паўднёвай сцяне размешчана выява працэсіі, якую ён узначальвае баством-заступнікам вайны, у якой прымае ўдзел і Себуімекер, увянчаны двайной каронай Верхняга і Ніжняга Егіпта. Яшчэ адна сцэна на заходняй сцяне, дзе бог уручае кіраўніку сімвалы жыцця, сведчыць аб тым, што гэты ён выконваў функцыі творцы. Акрамя таго, прысвечаны Асірысу гімн, які захаваўся ў тым жа храме, адназначна ставіцца да культу Себуімекера як персаніфікацыі касмічнай крэатыўнай сілы.

Арэнснуфіс

Гісторыя Арэнснуфіса – складаная задача для спецыялістаў па гісторыі і культуры Куша. Паводле некаторых здагадках, падобнай істоты зусім не было ў рэлігійнай сістэме Куша. Шматлікія згадкі пра яго часта суправаджаюцца спасылкамі на кушыцкае паходжанне («леў Поўдня», «які знаходзіцца на чале Та-Сеці» і г.д.). Магчыма, сведчанне Страбона аб шанаванні Геракла ў Мераэ паказвае на ажыццяўленне культу Арэнснуфіса; на жаль, пацвердзіць або абвергнуць гэта не магчыма – няма крыніц. Тым не менш, культ бога быў вельмі распаўсюджаны ва ўсіх абласцях краіны. У першую чаргу, гэта абумоўлена яго роляй правадыра Хатхор-Тэфнут, дачкі Ра, у міфалагічным сюжэце пра яе падарожжы ў Нубію.

Літаратура

  1. Э.Е. Кормышева. Мир богов Мероэ / Э. Кормышева. – СПб.: Ин-т Востоковедения РАН, 2000. – 384с.

Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, выдзеліце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl + Enter